Ці можна адмовіцца ад размеркавання не па спецыяльнасці?
Згодна з арт. 48 Кодэкса аб адукацыі, працаўладкаванне па размеркаванні ажыццяўляецца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацыяй або ступенню. Гэта значыць, размеркаванне — гэта ў першую чаргу гарантыя таго, што выпускнікам будзе прадастаўлена першае працоўнае месца для атрымання вопыту ў той сферы, па якой ён (а) атрымліваў (ла) адукацыю.
Згодна з ч. 1.1. ст. 77 Кодэкса, месца працы пры размеркаванні або пераразмеркаванні, не прадастаўляецца выпускніку, маладому спецыялісту, або маладому рабочаму/служачаму, калі няма магчымасці прадаставіць такое месца работы па спецыяльнасці з-за адсутнасці месца працы як такога. У такім выпадку малады спецыяліст атрымлівае права на самастойнае працаўладкаванне. Падрабязней пра гэта чытайце ў нашым матэрыяле пра «свабодны дыплом».
З гэтага вынікае, што адным з магчымых сцэнарыяў у выпадку прапановы размеркавання не па спецыяльнасці будзе атрыманне права самастойнага працаўладкавання.
Што рабіць, калі ўсё ж такі настойваюць на размеркаванні не па спецыяльнасці?
Ключавы выклік заключаецца ў тым, каб высветліць, ці сапраўды прапанаванае месца не адпавядае вашай спецыяльнасці.
Для гэтага трэба пачаць з азнаямлення з Агульнадзяржаўным класіфікатарам спецыяльнасцей і кваліфікацый Беларусі, які змяшчае назву спецыяльнасці, і адпаведную ёй кваліфікацыю для суадносін.
Гэтае пытанне звычайна вырашаецца камісіяй па размеркаванні, паколькі на іх ускладзена задача суадносін прадастаўляемага месца працы атрыманай выпускніком спецыяльнасці і прысвоенай кваліфікацыі. Камісія па размеркаванні ацэньвае на аснове кваліфікацыйнай характарыстыкі, якая змяшчаецца ў адукацыйным стандарце па адпаведнай спецыяльнасці, а таксама з улікам профілю маладога спецыяліста (абз. 2 п. 13 Палажэння аб парадку размеркавання).
Высокая верагоднасць, што камісія прыйдзе да высновы аб адпаведнасці прапанаванага месца спецыяльнасці, таму мэтазгодна паклапаціцца аб гэтым пытанні загадзя і вывучыць класіфікатар самастойна.
Яшчэ адзін варыянт: зрабіць запыт у дзяржаўны орган ці прафсаюз
Калі пасля азнаямлення з Агульнадзяржаўным класіфікатарам усё яшчэ ёсць сумненні, можна напісаць зварот у Міністэрства працы, Міністэрства адукацыі і галіновы прафсаюз для растлумачэння адпаведнасці прапанаванага вам месца працы вашай спецыяльнасці.
Важна: тэрмін разгляду пісьмовых зваротаў па агульным правіле складае 15 дзён (ч. 3 арт. 17 Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб), таму трэба ўважліва разлічыць тэрміны і пераканацца, што вы паспяваеце атрымаць адказы.
Калі вы ніколі не мелі досведу складання тэксту зваротаў – мы можам дапамагчы вам. Для гэтага звяжыцеся з нашай камандай (спасылка ўнізе старонкі) і мы цалкам бясплатна дапаможам вам скласці тэкст, або як мінімум зарыентуем датычна зместу тэксту.
Што рабіць далей?
Калі вы атрымалі адказ аб тым, што прапанаванае месца працы не адпавядае вашай спецыяльнасці да размеркавання, то ёсць сэнс прынесці атрыманы адказ з сабой на пасяджэнне камісіі па размеркаванні і прапанаваць азнаёміцца з ім членам камісіі.
Трэба мець на ўвазе, што адказ, які вы атрымаеце, не мае абавязковага характару. Тым не менш гэта добры аргумент і доказ пры ўзаемадзеянні з адміністрацыяй вашай ВНУ.
У сваю чаргу камісія павінна прапанаваць вам іншае месца для размеркавання. Калі ж вас усё роўна размяркуюць не па спецыяльнасці, то можна скласці скаргі ў Міністэрства працы і Міністэрства адукацыі, звярнуцца па дапамогу ў прафсаюз ці звярнуцца ў суд.
Калі вы атрымалі адказ аб тым, што прапанаванае месца працы не адпавядае вашай спецыяльнасці ўжо пасля завяршэння размеркавання, можна напісаць заяву аб размеркаванні па спецыяльнасці і падаць яе ва ўніверсітэт. У такім выпадку папярэдняе рашэнне аб размеркаванні павінна быць адменена і прынята рашэнне аб новым размеркаванні, або выдадзена даведка аб самастойным працаўладкаванні. Аб тым, як самастойна абраць месца размеркавання, чытайце ў адпаведным артыкуле.
У любым выпадку, ваша задача — дачакацца фінальнага рашэння універсітэта. У выпадку нязгоды з гэтым рашэннем парадак дзеянняў аналагічны: напісаць скаргі ў Міністэрства працы і Міністэрства адукацыі, звярнуцца па дапамогу ў прафсаюз ці звярнуцца ў суд. Але перш чым прыступаць да гэтых дзеянняў — звяжыцеся з нашай камандай. Мы зарыентуем вас аб тым, што з сябе ўяўляе працэдура скаргі і дапаможам вам скласці тэкст.