Ці можна пазбегнуць войска па псіхіятрыі?
Так, па пэўным спектры псіхіятрычных захворванняў прызыўнік не годны да службы: афектыўныя расстройствы (настрою), псіхічныя і паводніцкія расстройствы, эпілепсія, расстройства асобы і іншыя.
Спектр захворванняў вельмі шырокі, і з ім можна азнаёміцца ў наступным дакуменце (скарыстайцеся пошукам): Пастанова Міністэрстваў абароны і аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб вызначэнні патрабаванняў да стану здароўя грамадзян, звязаных з воінскім абавязкам».
А таксама ў дакуменце з зменамі (у асноўным, пашырэнне спісу захворванняў): Пастанова Міністэрстваў абароны і аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні пастановы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2020 г. № 1/1».
Найлепшым рашэннем будзе самастойны зварот да псіхіятра з наступнай кансультацыяй.
Калі лекар вызначыць якія-небудзь непрызоўныя захворванні, аб гэтым абавязкова трэба ўзяць даведку. Даведка, выдадзеная спецыялістам дзяржаўнай установы аховы здароўя, будзе прынята ваенна-медыцынскай камісіяй. Пасля прыняцця гэтай даведкі, спецыялісты камісіі могуць накіраваць на дадатковае абследаванне на базе стацыянара псіхіятрычнай бальніцы.
Калі ж захворванняў знойдзена не было, альбо камісія не прыняла да ведама вашы даведкі, вы можаце абскардзіць гэтае рашэнне. Пра тое, як абскардзіць рашэнне прызыўных камісій — чытайце ў гэтай памятцы.