Хочуць размеркаваць у вёску. Як застацца ў сваім горадзе?
У першую чаргу трэба праверыць, ці не адносіцеся вы да адной з катэгорый выпускнікоў ніжэй. Калі ні да адной з катэгорый вы не адносіцеся, то як варыянт паспрабаваць дамовіцца з адміністрацыяй аб размеркаванні на месца працы ў сваім горадзе (калі ёсць свабодныя вакансіі ў спісах для размеркавання) альбо прынесці індывідуальную заяўку (шанцы вышэй, калі там была пройдзена пераддыпломная практыка).
Якое агульнае правіла?
У заканадаўстве няма правіла пра тое, што размеркаванне павінна ажыццяўляцца толькі па месцы рэгістрацыі (правільная назва прапісцы).
Па агульным правіле, месца працы для выпускнікоў у ходзе размеркавання вызначаецца навучальнай установай самастойна з улікам наяўных заявак і заключаных дамоваў аб узаемадзеянні (ч. 9 арт. 72 Кодэкса аб адукацыі).
Заканадаўствам прадугледжаны выключэнні для наступных катэгорый выпускнікоў:
Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў
Такія выпускнікі размеркоўваюцца:
- па месцы замацавання за імі жылых памяшканняў, альбо
- па месцы ўключэння іх у спісы ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, альбо
- па месцы першапачатковага набыцця статусу дзяцей-сірот або статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, альбо
- з іх згоды ў іншым населеным пункце.
Дзеці-інваліды ва ўзросце да васемнаццаці гадоў, а таксама інваліды I або II групы
Такія выпускнікі размеркоўваюцца:
- па месцы жыхарства бацькоў,
- па месцы жыхарства мужа (жонкі) альбо
- з згоды выпускніка ў іншае наяўнае месца працы.
Асобы, якія маюць аднаго з бацькоў, апекуноў або мужа (жонку) інваліда I або II групы альбо дзіця-інваліда ва ўзросце да васемнаццаці гадоў
Такія выпускнікі размеркоўваюцца:
- па жаданні выпускніка і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы жыхарства гэтых бацькоў, мужа (жонкі), дзіцяці-інваліда ва ўзросце да васемнаццаці гадоў, альбо
- з згоды выпускніка ў іншае наяўнае месца працы.
Асобы, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні да працы на асобных пасадах служачых, па асобных прафесіях рабочых
Такія выпускнікі размеркоўваюцца з улікам стану іх здароўя.
- цяжарныя жанчыны
Такія выпускніцы размеркоўваюцца:
- па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы жыхарства бацькоў, мужа альбо
- з згоды выпускніцы ў іншае наяўнае месца працы;
Бацькі, апекуны, якія маюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў на дату прыняцця рашэння аб размеркаванні
Такія выпускнікі размеркоўваюцца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы жыхарства аднаго з бацькоў, апекуноў дзіцяці;
Муж (жонка)
- асобы, абранай на выбарчую пасаду служачага ў дзяржаўныя органы, альбо
- асобы, накіраванай на працу ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы або консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь, альбо
- асобы з ліку вайскоўцаў (акрамя вайскоўцаў, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, альтэрнатыўную службу, курсантаў),
- асобы з ліку супрацоўнікаў Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
- асобы з ліку ваенізаваных арганізацый,
- асобы з ліку органаў дзяржаўнай бяспекі,
- асобы з ліку мытных органаў,
- асобы з ліку пракурорскіх работнікаў
Такія выпускнікі размеркоўваюцца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы працы, праходжання службы (у т.л. ваеннай) мужа (жонкі);
Муж (жонка), у якіх муж (жонка) працуе і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь
Такія выпускнікі размеркоўваюцца па жаданні выпускніка і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы жыхарства або працы мужа (жонкі);
Заўвага: даволі распаўсюджаная практыка. Пры гэтым трэба ўлічваць, што заключэнне фіктыўных шлюбаў цягне за сабой іх несапраўднасць, калі гэтая інфармацыя выяўзіцца. А яшчэ гэта выключэнне не працуе, калі муж (жонка) пражывае за мяжой.
Муж (жонка), якія размеркоўваюцца ў адзін каляндарны або навучальны год
Такія выпускнікі размеркоўваюцца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання ў адзін населены пункт.
Дзеці асоб, указаных у падпунктах 3.2, 3.4 і 3.7 пункта 3, пункце 10 і падпунктах 12.2 і 12.3 пункта 12 артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», г.зн. дзеці вайскоўцаў і супрацоўнікаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі, якія сталі інвалідамі або загінулі пры выкананні (больш падрабязна ніжэй)
Такія выпускнікі размеркоўваюцца пры наяўнасці магчымасці па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі) выпускніка альбо з яго згоды ў іншае наяўнае месца працы.
Больш падрабязны спіс:
- вайскоўцы, якія сталі інвалідамі ў выніку ранення, кантузіі, траўмы або захворвання, атрыманых пры абароне Айчыны або выкананні абавязкаў ваеннай службы ў дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеянні;
- асобы начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і органаў дзяржаўнай бяспекі, якія сталі інвалідамі ў выніку ранення, кантузіі, траўмы або захворвання, атрыманых пры выкананні службовых абавязкаў у раёнах баявых дзеянняў;
- работнікі, якія абслугоўвалі дзеючыя ваенныя кантынгенты ў Афганістане або ў іншых дзяржавах і сталі інвалідамі ў выніку ранення, кантузіі, траўмы або захворвання, атрыманых у перыяд вядзення баявых дзеянняў;
- грамадзяне, у тым ліку звольненыя ў запас (адстаўку), з ліку вайскоўцаў, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія сталі інвалідамі ў выніку ранення, кантузіі, траўмы або захворвання, атрыманых пры выкананні абавязкаў ваеннай службы (службовых абавязкаў).
- вайскоўцы, асобы начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, якія загінулі (памерлі) пры выкананні ваеннага або службовага абавязку ў Афганістане або ў іншых дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеянні, а таксама памерлыя ў выніку ранення, кантузіі, траўмы або захворвання, атрыманых у перыяд баявых дзеянняў, акрамя выпадкаў, калі гібель (смерць) наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення, членашкодніцтва або самагубства, калі яно не было выклікана хвароблівым станам або давядзеннем да самагубства;
- вайскоўцы, асобы начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія загінулі пры выкананні абавязкаў ваеннай службы (службовых абавязкаў), а таксама памерлыя ў перыяд праходжання ваеннай службы (службы) ў выніку ранення, кантузіі, траўмы або захворвання, непасрэдна звязаных са спецыфікай нясення ваеннай службы (службы), акрамя выпадкаў, калі гібель (смерць) наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення, членашкодніцтва або самагубства, калі яно не было выклікана хвароблівым станам або давядзеннем да самагубства.