За адмову ад удзелу ў грамадскім жыцці абяцаюць не даць месца ў інтэрнаце. Пад якой падставай мне могуць адмовіць у засяленні?
Права на засяленне ў інтэрнат рэгламентуецца кожным універсітэтам індывідуальна. Пры гэтым, існуе агульная катэгарызацыя на:
- Тых, хто маюць права на засяленне па-за чаргой;
- Тых, хто маюць права на першачарговае засяленне;
- Іншых асоб.
На засяленне па-за чаргой прэтэндуюць:
- Сіроты
- Людзі з абмежаванымі магчымасцямі;
- Выхадцы са шматдзетных сем’яў;
- Тых, хто пражывае на тэрыторыях, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС.
Калі вы адносіцеся да гэтых катэгорый — патрабуйце засялення, спасылаючыся на свой статус. Калі ў засяленні вам працягваюць адмаўляць — звяртайцеся да нас, мы дапаможам абараніць ваша законнае права на інтэрнат (спасылка на сувязь з юрыстамі ўнізе старонкі).
Якія могуць быць фармальныя падставы для адмовы ў засяленні?
«Не дайшла чарга, месцаў у інтэрнаце не хапіла».
Гэта самая папулярная і фармальна нейтральная прычына для незасялення. У такім разе, неабходна праверыць працэдуру чарговасці засялення. Разбяром некалькі прыкладаў:
- У БДУ зацверджаны ўласны Пералік крытэрыяў прадастаўлення інтэрнатаў іншагароднім навучэнцам.
Палажэннем прадугледжана наступная чарговасць засялення: па-за чаргой, у першую чаргу, у парадку агульнай чаргі і ў апошнюю чаргу. Калі змадэляваць сітуацыю, што вы — студэнт БДУ, не “ільготнік” і не з’яўляецеся “актывістам” дзяржаўных моладзевых арганізацый, то засяляцца вы будзеце ў парадку агульнай чаргі на падставе сярэдняга бала (п. 3.1. Палажэння).
- у БДУІР таксама зацверджаны Пералік крытэрыяў прадастаўлення месцаў у інтэрнатах.
У дадзеным выпадку, у апошнюю чаргу засяляюцца студэнты, якія мелі дысцыплінарныя спагнанні ў мінулым навучальным годзе. Такім чынам, у выпадку канфлікту з адміністрацыяй вашага ўніверсітэта існуюць павышаныя рызыкі прыцягнення да дысцыплінарнага спагнання і наступнага не засялення ў інтэрнат.
- У МДЛУ у сувязі з недастатковай колькасцю месцаў у інтэрнатах універсітэт таксама ўсталяваны ўласны спіс крытэрыяў.
Аналагічныя крытэры варта ўдакладняць і па іншых універсітэтах, якія цікавяць менавіта вас. Існуе верагоднасць таго, што ў выпадку нежадання адміністрацыі засяляць вас у інтэрнаты, чарга да вас не дойдзе альбо дойдзе, але апынецца, што вы самастойна напісалі заяву на адмову ад засялення ў інтэрнат. Такія дзеянні можна абскардзіць, але рабіць гэта трэба акуратна. Лепш звяжыцеся з нашымі юрыстамі, перш чым рабіць падобныя дзеянні.
«Парушаны правілы пражывання ў інтэрнаце».
У адпаведнасці з абзацам 5 ч. 2 арт. 87 Жыллёвага кодэкса, падставай для высялення па патрабаванні адміністрацыі інтэрната без прадастаўлення іншага жылога памяшкання з’яўляюцца:
- Сістэматычнае разбурэнне або псаванне жылых памяшканняў і месцаў агульнага карыстання ў інтэрнаце;
- Выкарыстанне жылых памяшканняў і месцаў агульнага карыстання ў інтэрнаце іх не па прызначэнні;
- Сістэматычнае парушэнне правіл унутранага распарадку ў інтэрнаце і правілаў пажарнай бяспекі, што робіць немагчымым для іншых пражыванне з імі ў адным інтэрнаце.
Аднак, той, хто пражывае ў інтэрнаце павінен быць папярэджаны аб магчымасці высялення загадзя і толькі пры наяўнасці папярэдніх папярэджанняў, аб якіх таксама павінна быць своечасова паведамлена. У выпадку канфлікту з адміністрацыяй інтэрната высяленне па гэтай падставе з’яўляецца магчымым.
Пра тое, што рабіць калі вам прапануюць часова пакінуць інтэрнат пад падставай “дэзінфекцыі”, альбо рамонту чытайце ў наступным матэрыяле.